Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Роўна 230 гадоў таму, 24 сакавіка 1794 года, пачалося вызваленчае паўстанне супраць Расіі пад кіраўніцтвам нашага земляка Тадэвуша Касцюшкі, якое закранула землі Беларусі, Польшчы і Літвы. Расказваем пра яго кіраўніка, які стаў нацыянальным героем не толькі гэтых трох краін, але і ЗША, а таксама пра само паўстанне — якія мэты яно мела, чаму прайграла і якую ролю адыграла ў гісторыі нашай краіны разам з самім Тадэвушам.

Заняпад і першы падзел Рэчы Паспалітай

Пачаць аповед пра гэтую гісторыю варта здалёк. У сярэдзіне ХVI стагоддзя шэраг прычын (у першую чаргу пагроза страты незалежнасці, якая ішла з боку Расіі) прымусіў Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ) — беларуска-літоўскую дзяржаву — аб’яднацца з заходнімі суседзямі. Так у выніку саюза з Польшчай узнікла федэрацыя, якая атрымала назву Рэч Паспалітая (РП). Але праз паўтара стагоддзя яна пачала паступова занепадаць.

Прычынай гэтага была вялікая колькасць унутраных праблем. Адна з самых вядомых — права liberum veto, паводле якогда ўсе рашэнні парламента РП мусілі прымацца аднагалосна. Падкупіць хаця б аднаго ўдзельніка Сейма было няцяжка, таму дэпутаты гадамі не маглі прыняць рашэнне па якім-небудзь важным пытанні. Каралеўская ўлада была слабай, усё большую ролю ў дзяржаве гралі магнаты, што варагавалі паміж сабой. У краіне нарастала анархія, эліта была кансерватыўнай і не хацела рэформаў. РП адставала ад суседзяў, якія ўвесь час карысталіся яе слабасцямі.

Менавіта ў такой краіне ў 1746 годзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка. Гэта адбылося ў фальварку Мерачоўшчына ля мястэчка Косава (цяпер Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). Яго сям’я была шляхецкай, але небагатай. Пасля смерці галавы сямейства фінансавае становішча роду пагоршылася.

Портрет Тадеуша Костюшко кисти Карла Готлиба Швайкарта. Изображение: wikipedia.org
Партрэт Тадэвуша Касцюшкі пэндзля Карла Готліба Швайкарта. Выява: wikipedia.org

У 1764-м, калі юнаку было 18 гадоў, з’явілася надзея: каралём РП (як выявіцца, апошнім) быў абраны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, былы каханак расійскай імператрыцы Кацярыны II. Абранне праходзіла пры фінансавай падтрымцы і пад ціскам Расіі. Тым не менш новы кіраўнік нарэшце паспрабаваў правесці рэформы. Для зменаў у войску патрабаваліся кадры, таму ў наступным годзе ў Варшаве адкрылі кадэцкі корпус. Сям’ёй Касцюшкі апекаваўся адзін з чыноўнікаў, якія падтрымлівалі Панятоўскага. З яго пратэкцыі ўраджэнца Беларусі залічылі ў кадэты.

«Кадэты займаліся шыхтавой падрыхтоўкай, фехтаваннем, вершніцтвам, вывучалі тактыку, літаратуру і гісторыю, мовы лацінскую, нямецкую, французскую, арыфметыку, геаметрыю і вышэйшую матэматыку, фізіку, палітычную эканомію, адным з асноўных прадметаў была артылерыя. У 1767/68 навучальным годзе з ліку кадэтаў была ўтвораная група, якая займалася вайскова-інжынернымі дысцыплінамі. У гэтую групу быў улучаны і Касцюшка. Асаблівая ўвага там аддавалася вывучэнню геаграфіі і трыганаметрыі. Вольны час многія кадэты бавілі ў велікасвецкіх салонах. Тадэвуш Касцюшка часта ўхіляўся ад такіх забаваў, займаўся навукамі і за сваю ўпартасць у дасягненні мэты, дысцыплінаванасць і амаль спартанскі лад жыцця атрымаў ад калегаў мянушку „швед“», — пісалі біёграфы будучага лідара паўстання.

Портрет Станислава Августа Понятовского. Изображение: wikipedia.org
Партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Выява: wikipedia.org

Але ў многіх пытаннях Панятоўскага чакалі няўдачы. Напрыклад, ён хацеў скасаваць liberum veto. Расія прадказальна была супраць — і ўсё скончылася інтэрвенцыяй. Падставай для ўмяшання стала рэлігійнае пытанне. Пецярбург настойваў на ўраўнаванні правоў усіх вернікаў (каталікі ў той момант карысталіся перавагамі, недаступнымі праваслаўным). Сейм адмовіўся — і тады расійскія войскі ўвайшлі ў Варшаву.

Неўзабаве Рэчы Паспалітай навязалі дамову, паводле якога Расія стала гарантам недатыкальнасці яе ўладанняў і асноўных законаў. Сярод іншага гэты дакумент гарантаваў захаванне права liberum veto назаўжды. Гэта дазваляла пастаянна ўмешвацца ва ўнутраныя справы РП, якая і так фактычна зрабілася пратэктаратам Расіі. Акрамя таго, гарантавалася роўнасць правоў усіх вернікаў.

Кансерватыўна настроеная шляхта стварыла ўзброены саюз — Барскую канфедэрацыю. Яна спачатку была скіраваная супраць Расіі, а потым — і супраць самога Панятоўскага. Той папрасіў дапамогі ў Кацярыны II, пасля чаго нашыя ўсходнія суседзі зноў увялі ў Рэч Паспалітую войскі.

Брат Касцюшкі ваяваў на баку канфедэратаў, а вось сам Тадэвуш не стаў браць у рукі зброю і з’ехаў з краіны. Пры фінансавай падтрымцы караля і яго стрыечнага брата, магната Адама Казіміра Чартарыйскага, ён паехаў у Парыж. Там наведваў заняткі ў Акадэміі жывапісу і скульптуры, браў урокі ваеннай архітэктуры, артылерыі і тактыкі.

Парыж тады быў цэнтрам цывілізаванага свету, у ім стваралі французскія асветнікі, а ў грамадстве ўжо луналі ідэі, якія праз некалькі дзесяцігоддзяў прывядуць да пералому ў гісторыі чалавецтва — Вялікай Французскай рэвалюцыі. Таму відавочна, што пяць гадоў за мяжой (1769−1774) калі не заклалі асновы светапогляду Касцюшкі, то сур’ёзна паўплывалі на яго.

Але вярнуўся Тадэвуш ужо ў іншую краіну. Супрацьстаянне канфедэратаў з уладамі і Расіяй доўжылася чатыры гады і завяршылася ў 1772-м паразай першых — а яшчэ першым падзелам Рэчы Паспалітай, які ажыццявілі Расія, Аўстрыя і Прусія, адабраўшы частку земляў дзяржавы.

Разделы Речи Посполитой. Графика: Halibutt, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Падзелы Рэчы Паспалітай. Графіка: Halibutt, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Касцюшка хацеў пайсці на службу ў войска Рэчы Паспалітай. Але грошай, каб купіць патрэбны для гэтага афіцэрскі чын, у яго не было: брат распрадаў як сваю маёмасць, так і частку ягонай. Таму Тадэвуш неўзабаве зноў з’ехаў за мяжу — спачатку ў Францыю, а потым за акіян, дзе акурат пачыналася барацьба паўночнаамерыканскіх калоній за незалежнасць ад Лондана.

Змаганне за акіянам і вяртанне дадому

У Паўночнай Амерыцы ўраджэнец Беларусі прабыў восем гадоў (1776−1784) і стаў шырока вядомы як інжынер абаронных умацаванняў Вест-Пойнта. На гэтую пасаду яго ў 1778-м прызначыў Джордж Вашынгтан — у будучыні першы прэзідэнт ЗША. Гэты форт, у якім цяпер знаходзіцца найстарэйшая вайсковая акадэмія Злучаных Штатаў, быў закліканы не прапусціць караблі брытанскага флоту па стратэгічна важнай рацэ Гудзон. У выніку Вест-Пойнт адыграў ключавую ролю ў барацьбе за незалежнасць, а Касцюшка вярнуўся на радзіму брыгадным генералам.

Але месца ў войску Рэчы Паспалітай для Касцюшкі з ягоным каласальным досведам зноў не знайшлося. Ён пасяліўся ў сваім маёнтку і заняўся сельскай гаспадаркай.

Форт Клинтон (Вест-Пойнт), укрепленный Тадеушем Костюшко. На заднем плане его статуя. Фото: Ahodges7, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Форт Клінтан (Вест-Пойнт), умацаваны Тадэвушам Касцюшкам. На заднім плане яго статуя. Фота: Ahodges7, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Правядзенне рэформаў у РП стала магчымым толькі ў канцы 1780-х, калі Расія ўвязалася ў войны супраць Турцыі і Швецыі. Скарыстаўшыся гэтай перадышкай, рэфарматары ў 1788-м склікалі Вялікі сейм. Яны вырашылі павялічыць войска да 100 тысяч чалавек (хоць неўзабаве праз фінансавыя цяжкасці колькасць давялося скараціць да 65 тысяч) — да гэтага ў ім было ўсяго 16 тысяч салдат. Касцюшка аказаўся запатрабаваным і атрымаў у сваё распараджэнне брыгаду ў польскім войску. Ён марыў служыць у войску ВКЛ, але гэтыя яго планы так і не ажыццявіліся.

Галоўным жа дасягненнем Вялікага сейма стала прыняцце 3 траўня 1791 года Канстытуцыі — першай у Еўропе і другой у свеце пасля амерыканскай. Яна нарэшце скасавала liberum veto і ўмацавала ўладу караля.

Аднак Расія, скончыўшы войны на поўначы і на поўдні, аб’ядналася з Прусіяй, каб разабрацца з Рэччу Паспалітай. Усходніх суседзяў падтрымала і кансерватыўная шляхта РП, якая баялася пераўтварэнняў. Яна стварыла Таргавіцкую канфедэрацыю і папрасіла дапамогі ў расійскай імператрыцы, каб вярнуць старыя парадкі. Гэта была нагода для чарговага ўвядзення войскаў. Пачалася вайна, сілы ў якой былі занадта няроўныя. Новае войска РП яшчэ не была сабраная, а спробы заручыцца дапамогай іншых краін нічога не далі. Касцюшка ўдзельнічаў у баявых дзеяннях і не прайграў ніводнай бітвы, але Панятоўскі ў выніку адмовіўся ад узброенай барацьбы і капітуляваў. Расчараваны Тадэвуш падаў у адстаўку.

У 1793-м адбыўся другі падзел краіны. Было адмененае дзеянне Канстытуцыі 3 траўня, а таксама ўсе пераўтварэнні папярэдніх гадоў. Ад велізарнай тэрыторыі Рэчы Паспалітай засталося ўсяго 215 тысяч квадратных кіламетраў (параўнальна з плошчай цяперашняй Беларусі), а сама яна стала невялікім пратэктаратам, на тэрыторыі якога размяшчаліся замежныя войскі.

Першыя поспехі — і патопленая ў крыві Варшава

Касцюшка зноў эміграваў з краіны і пачаў рыхтавацца да ўзброенага супрацьстаяння. Ён з’ездзіў у Францыю, але мясцовыя рэвалюцыянеры — манархію на той час ужо зрынулі — былі гатовыя падтрымаць яго толькі на словах. Заставалася спадзявацца выключна на свае сілы.

У ноч з 23 на 24 сакавіка 1794 года Касцюшка прыбыў у Кракаў, а раніцай наступнага дняабвясціў на цэнтральнай плошчы горада пра пачатак узброенай барацьбы. У прынятым акце ён абвячаўся вярхоўным і адзіным галоўнакамандуючым узброенымі сіламі і лідарам паўстання. Мэтай паўстанцаў было аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 года і працягнуць пачатыя рэформы.

Важна, што Касцюшка ўсё яшчэ мог разлічваць на войска: РП дажывала апошнія дні, але ўласныя ўзброеныя сілы ў яе захаваліся. Таму пад кантролем паўстанцаў аказаліся буйныя гарады і нават сталіцы. У 1863-м, падчас паўстання Кастуся Каліноўскага, нічога такога ў распараджэнні паўстанцаў ужо не было, а таму гаворка магла ісці выключна пра партызанскую барацьбу.

Франциск Смуглевич. Присяга Тадеуша Костюшко на краковском рынке (1797). Национальный музей, Познань. Изображение: mnp.art.pl, commons.wikimedia.org
Прысяга Тадэвуша Касцюшкі на кракаўскім рынку, карціна Францішка Смуглевіча (1797). Нацыянальны музей, Познань. Выява: mnp.art.pl, commons.wikimedia.org

Першапачаткова сілы Касцюшкі былі абмежаваныя трыма тысячамі пяхотнікаў і 1,2 тысячы конніцы. Тым не менш ён выступіў з Кракава і 4 красавіка пад Рацлавіцамі за 40 км ад гэтага горада разбіў расійскі атрад. Гэта быў тактычны поспех, які тым не менш натхніў яго паплечнікаў. Паўстанне перакінулася на іншыя рэгіёны Польшчы, а таксама на Літву і Беларусь. У ноч з 22 на 23 красавіка пачалося паўстанне ў Вільні. У ім бралі ўдзел невялікія аддзелы рэгулярнага войска ВКЛ — у горадзе іх налічвалася больш за 700 чалавек — а таксама каля 500 цывільных. Двухгадзінны бой, якім з нашага боку камандаваў палкоўнік Якуб Ясінскі, завяршыўся перамогай. Сталіца Княства была вызваленая ад захопнікаў.

Паўстанцы Вялікага Княства дзейнічалі радыкальна. Так, 25 красавіка з іх ініцыятывы быў пакараны смерцю праз павешанне апошні вялікі гетман ВКЛ Шымон Касакоўскі. Ён быў актыўным удзельнікам Таргавіцкай канфедэрацыі, а таму небеспадстаўна лічыўся здраднікам.

Але радыкальныя погляды Ясінскага не сустрэлі разумення ў эліты — магнатаў і духавенства. «Захоплены прыкладам французаў, ён становiцца самым радыкальным сярод патрыётаў i ўпэўнены, што ганьбу, якую столькi гадоў зносiць Бацькаўшчына, змые толькi кроў. Патрэбная рашучасць i бязлiтаснасць. Аднойчы Якуб нават выказаў думку, што краiну нельга выратаваць, калi не высекчы ўсю шляхту. На такi змрочны жарт яго штурхала скрайняе раздражненне, бо ён добра бачыў, да чаго давяла краiну шляхта ў сваёй упартасцi i вузкасцi поглядаў», — пісаў яго біёграф.

Портрет Якуба Ясинского. Изображение: Jan Moraczyński. Lietuvos nacionalinis muziejus, commons.wikimedia.org
Партрэт Якуба Ясінскага. Выява: Jan Moraczyński. Lietuvos nacionalinis muziejus, commons.wikimedia.org

Акурат у той час ішла Вялікая Французская рэвалюцыя, якабінцы на чале з Максіміліянам Рабесп’ерам, якія знаходзіліся ва ўладзе, арганізавалі тэрор супраць сваіх праціўнікаў, ад якога пацярпелі тысячы людзей (у тым ліку невінаватых). Многія прадстаўнікі эліты ВКЛ былі так ці інакш звязаныя з Расіяй, а таму баяліся падобным чынам адказаць за свае дзеянні.

Але прэтэнзіі да Ясінскага былі не толькі ў гэтым. 24 красавіка ў Вільні быў створаны свой незалежны орган для кіраўніцтва паўстаннем — Найвышэйшая рада Вялікага Княства Літоўскага. Палякам гэта не спадабалася, Ясінскага абвінавачвалі ў сепаратызме. У пачатку чэрвеня яго змусілі падаць у адстаўку з пасады галоўнакамандуючага войскамі ВКЛ, якую ён атрымаў ад Рады. Паўнамоцтвы Ясінскага перадалі даволі пасрэднаму генералу Міхалу Вельгорскаму, што не спрыяла ваенным поспехам. Замест Рады была створаная Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ, якая цалкам падпарадкоўвалася Касцюшку і створаным у Польшчы структурам.

Свае складанасці былі і ў самога Касцюшкі. Імкнучыся пашырыць сацыяльную базу паўстання і залучыць у яго ніжэйшыя сацыяльныя пласты, 7 траўня 1794 года ён выдаў Паланецкі ўніверсал. У ім сяляне абвяшчаліся асабіста свабоднымі. Вось толькі зямлі пры гэтым яны не атрымлівалі. Фактычна ішла гаворка пра адмену прыгоннага права. Але сысці ад землеўладальнікаў селянін мог толькі пры ўмове выплаты даўгоў і дзяржаўных падаткаў. Пакуль жа паншчына (бясплатная праца сялян на землях памешчыка) захоўвалася, хоць і змяншалася. Парушэнне гэтых палажэнняў Касцюшка абяцаў трактаваць як супрацьдзеянне мэтам паўстання.

Акт аказаўся палавіністым — ён не даваў поўнай рэальнай свабоды сялянам і ў той жа час не задавальняў землеўладальнікаў. Таму апошнія ўсяляк затрымлівалі абвяшчэнне ўніверсала і, баючыся паўстанняў сялян, нават часта ішлі на пагадненне з замежнымі войскамі. У выніку многія палажэнні дакумента не былі рэалізаваныя і засталіся толькі на паперы.

Такім чынам, супраць паўстання граў цэлы шэраг негатыўных фактараў. Сярод паўстанцаў існавалі супярэчнасці паміж прадстаўнікамі ВКЛ і Польшчы, яны прытрымліваліся розных падыходаў што да прарасійскай часткі грамадства і вырашэння сацыяльных праблем. Акрамя таго — гэта вечная фраза ў апісанні кожнага паўстання на нашых землях — сілы былі няроўныя. Расія загартавала сваё войска ў шматлікіх войнах. Войскі ж Рэчы Паспалітай была аслабленыя і пасля пачатку рэформаў не паспелі нарасціць сваю колькасць і набрацца неабходнага досведу.

На здушэнне паўстання расійскія ўлады кінулі Аляксандра Суворава. Гэты военачальнік зрабіў сабе імя ў шматлікіх войнах Расійскай імперыі з Турцыяй. Бітва пры Казлуджы, Кінбурнская бітва, бітва пры Факштанах, бітва пры Рымніку, штурм Ізмаіла і іншыя баталіі ператварылі яго ў аднаго з самых вядомых палкаводцаў свайго часу.

Портрет Александра Суворова. Художник Йозеф Крейцингер. 1799 год. Изображение: commons.wikimedia.org
Партрэт Аляксандра Суворава. Мастак Ёзэф Кройцынгер. 1799 г. Выява: commons.wikimedia.org

Прычым Сувораў да таго ўжо аднойчы ваяваў на тэрыторыі Беларусі — у канцы 1760-х яго войскі разграмілі войска Барскай канфедэрацыі. У 1794-м войскі ваеначальніка таксама разбілі паўстанцаў — пад Дзівінам (цяпер аграгарадок Кобрынскага раёна), пад самім Кобрынам, у бітве ля Крупчыц (цяпер Жабінкаўскі раён) і пад Брэстам.

Пасля гэтага войскі Суворава зайшлі ўжо на тэрыторыю Польшчы. 10 кастрычніка 1794 года ў бітве пад Мацяёвіцамі (за 50 кіламетраў ад Варшавы) Касцюшка быў разбіты і трапіў у палон. Пасля гэтага расійскія войскі рушылі да сталіцы і 4 лістапада ўзялі штурмам Прагу — прадмесце Варшавы. Падчас гэтай бітвы загінуў Якуб Ясінскі.

Расійскі генерал Іван фон Клуген успамінаў пра ўзяцце прадмесця: «В нас стреляли из окон домов и с крыш, и наши солдаты, врываясь в дома, умерщвляли всех, кто им ни попадался. Ожесточение и жажда мести дошли до высочайшей степени. Офицеры были уже не в силах прекратить кровопролитие. <…> У моста настала снова резня. Наши солдаты стреляли в толпы, не разбирая никого, — и пронзительный крик женщин, вопли детей наводили ужас на душу. Справедливо говорят, что пролитая человеческая кровь возбуждает род опьянения. Ожесточенные наши солдаты в каждом живом существе видели губителя наших во время восстания в Варшаве. „Нет никому пардона!“ — кричали наши солдаты и умерщвляли всех, не различая ни лет, ни пола. <…>. После уже прочли мы в донесениях главнокомандующего, что в Праге погибло более тринадцати тысяч поляков и что у нас убито восемь офицеров и шестьсот рядовых».

Резня в Праге (предместье Варшавы). Художник Александр Орловский. Изображение: pinakoteka.zascianek.pl, commons.wikimedia.org
Разня ў Празе (прадмесці Варшавы). Мастак Аляксандр Арлоўскі. Выява: pinakoteka.zascianek.pl, commons.wikimedia.org

На наступны дзень сталіца капітулявала. Да канца лістапада 1794 года паўстанцы спынілі супраціў.

Эміграцыя, смерць і сучаснае стаўленне да Касцюшкі

У 1795-м, на наступны год пасля паўстання, адбыўся трэці і апошні падзел Рэчы Паспалітай (дакладней, таго, што ад яе заставалася). Дзяржава спыніла сваё існаванне. Уся тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў склад Расіі. Пры гэтым культурная і адукацыйная палітыка на далучаных тэрыторыях спачатку не асабліва змянілася. Так, у пачатку ХІХ стагоддзя была створаная Віленская адукацыйная акруга, якую ўзначаліў польскі патрыёт Адам Чартарыйскі, асабісты сябар расійскага імператара Аляксандра I. За ім асноўнай мовай навучання заставалася польская, як гэта было і ў гады РП. А вось ужо ў 1830-я гады пачалася русіфікацыя, якая пазней зрабілася татальнай.

Зрэшты, гэта тэма для асобнай размовы. Мы ж вернемся да моманту разгрому паўстання. Тады расійскія ўлады абышліся з паўстанцамі адносна мякка. Спярша Касцюшку заключылі ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Але праз два гады расійская імператрыца Кацярына II памерла, і яе сын Павел I вызваліў як самога кіраўніка паўстання, так і 12 тысяч паўстанцаў.

Памятник Тадеушу Костюшко в центре Филадельфии. Фото: с сайта nv-online.info
Помнік Тадэвушу Касцюшку ў цэнтры Філадэльфіі, ЗША. Фота: с сайта nv-online.info

Далейшы лёс Касцюшкі склаўся няпроста. Ён зноў з’ехаў за акіян, потым вярнуўся ў Еўропу. Спрабаваў адстойваць інтарэсы жыхароў Рэчы Паспалітай перад іншымі манархамі. Неўзабаве пачалося кіраванне французскага імператара Напалеона — а потым і яго вайна з Расіяй. Тысячы ўраджэнцаў РП уступілі ў яго легіёны, спадзеючыся, што Францыя прынясе свабоду іх радзіме. Але Касцюшка зразумеў, што той кіруецца выключна сваімі інтарэсамі, а таму не падтрымаў яго.

Няўдалымі аказаліся і перамовы Касцюшкі з імператарам Аляксандрам I. Зрэшты, пэўны эфект ад гэтых сустрэч усё ж быў: кіраўнік Расійскай імперыі амніставаў тых ураджэнцаў РП, што са зброяй у руках ваявалі ў войску Напалеона (пра гэта прасіў наш суайчыннік). У складзе імперыі нават з’явілася Царства Польскае, якое атрымала абмежаваную аўтаномію. Пераважна яно ахоплівала землі сучаснай Польшчы і толькі невялікія часткі тэрыторыі Літвы, Украіны і Беларусі. Але гэта было не тое, пра што марыў наш суайчыннік.

Памёр Касцюшка ў 1817-м у Швейцарыі, яму быў 71 год.

За савецкім часам Тадэвуш лічыўся палякам і ніяк не асацыяваўся з Беларуссю. Яго вяртанне ў нашую гісторыю пачалося пасля абвяшчэння незалежнасці.

У 2004 годзе ў яго роднай Мерачоўшчыне адкрылі музей-сядзібу Касцюшкі. У 2017-м у швейцарскім горадзе Залатурн, дзе памёр Касцюшка, мясцовая асацыяцыя беларусаў паставіла яму помнік. А ў 2018-м у той жа Мерачоўшчыне паставілі першы ў краіне помнік знакамітаму беларусу, грошы на які сабралі звычайныя грамадзяне — ахвяраванні зрабіла больш за 700 чалавек.

Паказальная гісторыя, якая здарылася адносна нядаўна, у лютым 2021 года. Тады Нацыянальны гістарычны музей слушна напісаў у Instagram, што Касцюшка — герой чатырох краін. У адказ амбасада Расіі ў каментарах заявіла, што «назваць Касцюшку „беларускім нацыянальным героем“ = распісацца ў сваім гістарычным невуцтве». «Беларусь, беларускі народ для сябе сваіх герояў, у тым ліку гістарычных, вызначыў. І зрабіў гэта карэктна, не ўмешваючыся ў справы іншых і не лезучы на чужую тэрыторыю. Гэта галоўнае», — адказаў тады прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

Памятник-бюст Тадеушу Костюшко в Нью-Йорке. Фото: facebook.com/henik.lojka.5
Помнік-бюст Тадэвушу Касцюшку ў Нью-Ёрку. Фота: facebook.com/henik.lojka.5

Але неўзабаве дзяржаўная пазіцыя рэзка змянілася. «Ці можна назваць нацыянальным героем Касцюшку? Асоба яркая. Быў высакародны. Самааддана служыў ідэі. Але гэтая ідэя не была беларускай. Так, мы не можам выкрасліць яго са сваёй гісторыі, гэта супраць нашых прынцыпаў. Але мусім дакладна вызначыць яго ролю ў ёй, каб, як вы правільна заўважылі, нашыя дзеці разумелі, на каго раўняцца», — заяўляў у траўні 2023 года Ігар Сяргеенка (на той момант кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі).

Сапраўды, Касцюшка не называў сябе беларусам. Чаму ж многія жыхары нашай краіны ганарацца гэтым чалавекам? Рэч у тым, што многія нашыя знакамітыя суайчыннікі (і Касцюшка, і, напрыклад, паэт Адам Міцкевіч) былі патрыётамі ўсёй дзяржавы, Рэчы Паспалітай (хай да часу нараджэння Міцкевіча яна і спыніла сваё існаванне). Гэтыя людзі належалі адначасова некалькім культурам — беларускай, польскай і літоўскай, на аснове якіх фармавалася іх свядомасць.

У плане дзяржаўнасці яны арыентаваліся на аднаўленне Рэчы Паспалітай, дзе ў апошнія дзесяцігоддзі існавання пераважала польская ідэнтычнасць. Але пры гэтым яны называлі сябе ліцвінамі і памяталі пра сваё паходжанне (назва «Беларусь» тады яшчэ не замацавалася за тэрыторыяй нашай краіны). «Нарадзіўся я ліцвінам… смуга будучыні яшчэ пакрывае лёс маёй роднай зямлі…» — пісаў Касцюшка расійскаму імператару Аляксандру I. «Літва! Землякі і суайчыннікі мае! На вашай нарадзіўся зямлі, і ў запале праведным для маёй Бацькаўшчыны адгукаецца ўва мне найасаблівейшая прывязанасць да тых, спаміж каго распачаў я жыццё», — адзначалася ў адным са зваротаў Касцюшкі ў 1794 годзе.

Открытие памятника Тадеуша Костюшко в Меречевщине (Ивацевичский район). 2018 год. Фото: TUT.BY
Адкрыццё помніка Тадэвушу Касцюшку ў Мерачоўшчыне (Івацэвіцкі раён), 2018 год. Фота: TUT.BY

Дадамо, што нацый у сучасным разуменні гэтага слова ў тыя часы яшчэ не існавала. Аналагічна, напрыклад, у часы Аляксандра Неўскага не было ніякай Расіі і рускіх як нацыі — але гэта не нагода для расіян не лічыць гэтага князя сваім героем (у 2008 годзе жыхары РФ абралі яго галоўным героем у гісторыі краіны падчас тэлепраекта «Імя Расіі»).

Выступленне Касцюшкі натхняла іншых паўстанцаў у пазнейшыя часы (у тым ліку, напрыклад, Кастуся Каліноўскага), а таму яго можна лічыць адным з першых крокаў да будучага вызвалення беларускага, польскага і літоўскага народаў ад Расіі, якая захапіла нашыя землі. Нядзіўна, што сучасныя беларускія ўлады бачаць сябе пераемнікамі не Касцюшкі, а Аляксандра Суворава, які душыў паўстанне — менавіта ў гонар яго названыя вуліцы ў многіх гарадах нашай краіны. За мяжой лічаць інакш. Нездарма ў гонар Тадэвуша названыя аб’екты ва ўсіх кутках свету (напрыклад, гара Касцюшка — найвышэйшая вяршыня Аўстраліі).

Дзякуй, што дачыталі гэты матэрыял! Мы ў «Люстэрку» рады магчымасці пагаварыць з вамі аб гісторыі і гучных імёнах, якія мільгалі яшчэ ў школьных падручніках. Зараз у Беларусі гісторыя хутка мяняецца: тыя, хто раней быў героямі, у новых падручніках — ужо «ворагі».

Аўтары «Люстэрка» старанна працуюць з крыніцамі і збіраюць для вас факты. Мы хочам, каб вы маглі скласці поўную карціну аб падзеях мінулага, актуальных і зараз.

Падтрымайце рэдакцыю «Люстэрка», каб мы выпускалі больш такіх матэрыялаў 🙌

Станьце патронам «Люстэрка» — незалежнага медыя, якое толькі на сайце штомесяц наведвае больш за 2 мільёны ўнікальных карыстальнікаў.

Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.

Гэта бяспечна?

Калі вы не ў Беларусі — так. Гэты сэрвіс выкарыстоўвае больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове — аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка».

Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне ці аформіць рэгулярны плацёж. Рэгулярныя данаты нават на невялікую суму дазволяць нашай рэдакцыі лепш планаваць уласную працу.

Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі.

Калі для вас зручнейшы сэрвіс Patreon — вы можаце падтрымаць нас з дапамогай яго. Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас.

Чытайце таксама